ХІМІ́ЧНАЙ БУДО́ВЫ ТЭО́РЫЯ,

класічная структурная тэорыя аб залежнасці ўласцівасцей рэчываў (пераважна арган.) ад будовы іх малекул. Асн. прынцыпы Х.б.т. прапанаваны А.М.Бутлеравым (1861), які ўпершыню ўвёў паняцце аб хім. будове (або структуры) рэчыва як вызначанай паслядоўнасці, паводле якой атамы злучаюцца ў адпаведнасці з іх валентнасцю і ўтвараюць малекулы рэчыва.

Асн. палажэнне Х.б.т. — хім. і фіз. ўласцівасці злучэнняў залежаць не толькі ад тыпу і колькасці атамаў, якія ўваходзяць у іх састаў, але і ад хім. будовы малекул. Кожнаму рэчыву адпавядае пэўная формула хім. будовы, якую можна паказаць графічна. Такая структурная формула дае ўяўленне аб магчымых хім. ператварэннях рэчыва. Бутлераў растлумачыў адрозненні ўласцівасцей ізамерных злучэнняў (гл. Ізамерыя) як рэчываў аднолькавага якаснага і колькаснага саставу, але розных па хім. будове, а таксама адкрыў з’яву таўтамерыі. Х.б.т. дала магчымасць прадказання, сінтэзу і доказу будовы разнастайных ізамерных злучэнняў рада вуглевадародаў, спіртоў, карбонавых кіслот. Яна садзейнічала развіццю арган. сінтэзу, дазволіла сістэматызаваць шматлікія эксперым. даныя, стала фундаментам для класіфікацыі арган. злучэнняў і іх наменклатуры. Х.б.т. далей развіта ў працах У.В.Маркоўнікава, А.М.Зайцава і інш. Асн. палажэнні Х.б.т. на сучасным этапе хім. навукі паглыблены электроннымі ўяўленнямі аб хім. сувязі, яе квантава-хім. апісаннем, пацверджаны данымі фізіка-хім. метадаў даследавання структуры рэчываў. Гл. таксама Арганічная хімія, Стэрэахімія.

Літ.:

Бутлеров А.М. Соч. Т. 1—3. М., 1953—58;

Столетие теории химического строения. М., 1961;

Быков Г.В. История органической химии. М., 1976.

У.​І.​Тыворскі.

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)